ekskursii.by

Экскурсіі па Беларусі - Беларускі экскурсійны партал

Праверыць заяўку

Навіны : Камаедзіца ў Музеі народнай архітэктуры і побыту

Навіны і акцыі пра адпачынак у Беларусі: Студзень5Люты3Сакавiк3
Экскурсія Строчыцы

Камаедзіца ў Музеі народнай архітэктуры і побыту

29-Сакавiка-2021
Экскурсійны партал Ekskursii.by запрашае ўсіх жадаючых 4 красавіка 2021 года прыняць удзел у абрадавым мерапрыемстве «Камаедзіца», якое пройдзе ў Музеі народнай архітэктуры і побыту Строчыцы. Наведвальнікі і ўдзельнікі мерапрыемства змогуць паслухаць расповед пра пчалярства ў Беларусі, паслухаць традыцыйныя казкі і паданні пра мядзведзя, патанчыць беларускія танцы, пагуляць у народныя гульні, і ў цэлым, весела і цікава правесці час!

«Камаедзіца» - старадаўняе свята, якое спраўлялі ў пачатку вясны, калі заканчвалася спячка мядзведзя і ён вылазіў з бярлогі. Нашы продкі спрадвеку імкнуліся захоўваць гармонію паміж светам жыцця чалавека і арэалам бытавання жывёл. Таму і нядзіўна, што ўдзельнікамі многіх важных святаў гадавога цыклу станавіліся жывёлы. «Камаедзіца» - гэта водгалас пакланення мядзведзю, яго шанавання, калі абрадавымі дзеяннямі імкнуліся ўлагодзіць, задобрыць звера. На свята гатавалі і спажывалі гарохавую кашу - так званыя «камы» (адкуль і пайшла назва свята), сушаны рэпнік, аўсяны кісель. Гэтыя стравы лічыліся любімай ежай мядзведзя і былі абрадавымі стравамі святочнага абеду, пасля якога сяляне клаліся на палаці і пераварочваліся з боку на бок, імітуючы звычкі мядзведзя.
Таксама ёсць меркаванне, што свята магло быць прысвечана Вялесу, бо яго культ дастаткова набліжаны да культа мядзведзя, як гаспадара жывёл. Мядзведжую лапу ў усходніх славян нават выкарыстоўвалі як амулет, які бароніць хатніх жывёл.
Але з XIX ст. свята страціла ранейшы сэнс і стала проста традыцыйнай забавай.

У Музеі народнай архітэктуры і побыту вы зможаце пабачыць захаваўшыеся рытуалы, паслухаць беларускія паданні пра мядзведзя, паглядзець выставу пра пчалярства і патанцаваць.
Мерапрыемства пройдзе ў сектары «Падняпроўе», дзе былі вялікія лясныя масівы, у якіх вялося шмат мядзведзяў, якія часам шкодзілі свойскую жывёлу, выклікалі страх у людзей.

Вас чакае:

  • экскурсія па выставе «Пчалярства на Беларусі»;
  • расповед традыцыйных беларускіх казак, паданняў пра мядзведзя;
  • беларускія народныя гульні і забавы;
  • майстар-клас па беларускіх народных танцах;
  • частаванне гарохавай кашай.

Падчас мерапрыемства за дадатковую плату можна:

  • набыць сувеніры ад народных майстроў;
  • палятаць на мотадэльтаплане (пры добрым надвор’і);
  • наведаць «Беларускую карчме», якая знаходзіцца на тэрыторыі музея.

Выслаць заяўку на арганізацыю экскурсіі ў Строчыцы для сваёй групы на любы дзень можна тут >>