Музей Купалаўскі мемарыяльны запаведнік Вязынка
Замовіць экскурсіюФіліял «Вязынка» заснаваны паводле пастановы ЦК КП(б)Б і СНК БССР ад 04.08.1945 № 1139-292 “Аб увекавечанні памяці Народнага паэта Беларусі Янкі Купалы”, адкрыты для наведвальнікаў 20.06.1948 г.. У 1972 г. створаны Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка» (агульная плошча 21 га) і з'яўляецца філіялам Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы. Менавіта тут, у колішнім маёнтку Вязынка, нарадзіўся Ясь Луцэвіч, будучы Народны паэт Беларусі Янка Купала (1882 – 1942). На тэрыторыі запаведніка знаходзяцца рэчка Вязынка, якая дала назву мясцовасці, рэшткі былога маёнтка Замбжыцкіх: дом хатковых, свіран, хатка дваровых, стаў, стары сад, – а таксама гарадзішча культуры штрыхаванай керамікі II–IV стст. н. э., валуны з высечанымі на іх радкамі з твораў Янкі Купалы, крыніца, дуброва, пасаджаная беларускімі пісьменнікамі да 100-годдзя з дня нараджэння паэта, канцэртная эстрада, зона масавых гулянняў, помнік паэту (скульптар З. Азгур), малыя архітэктурныя формы, узгорыстыя і лясістыя ваколіцы, якія з’яўляюцца прыроднай экспазіцыяй гісторыка-культурнага ландшафту, што адыгрывае вялікую ролю ў творах Песняра. У 1972 г. паводле архіўных дакументаў і ўспамінаў старажылаў Вязынкі рэстаўравана хата, у якой у 1882 г. нарадзіўся будучы паэт, створана новая экспазіцыя (мастакі Э. Агуновіч, У. Капшай). У 2012 г. да 130-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы праведзена мадэрнізацыя літаратурна-дакументальнай часткі экспазіцыі (мастак Г. Чысты), што прысвечана нараджэнню чалавека і нараджэнню паэта і ахоплівае адпаведна перыяд з 1882 па 1904 г. – час станаўлення асобы Яна Луцэвіча. Кожны экспазіцыйны комплекс суправаджаецца паэтычнымі радкамі Янкі Купалы і фрагментамі яго аўтабіяграфічных лістоў. У экспазіцыі выкарыстаны алічбаваныя матэрыялы: рукапісы Янкі Купалы і фатаграфіі з фондаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы; копіі дакументаў з Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі. У пакоі, дзе ў 1881–1883 гг. жыла сям’я Луцэвічаў, і сенцах узноўлены тагачасны інтэр’ер. Атмасферу даўняга побыту ствараюць аўтэнтычныя рэчы канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя, сабраныя ў ваколіцах Вязынкі. У будынку свірана, рэканструяванага ў 1992 г., дзейнічае сезонная экспазіцыя “Народныя святы ў творчасці Янкі Купалы”. З 1972 г. на тэрыторыі запаведніка да дня нараджэння народнага паэта Беларусі праводзяцца Рэспубліканскія святы паэзіі, песні і народных рамёстваў, з 1976 г. – традыцыйныя злёты студэнтаў-філолагаў БДУ, з 2010 г. – фінальныя канцэрты конкурсу аўтарскай песні “Купалаўскія вакацыі”, а таксама каляндарныя народныя святы.
Фота - Купалаўскі мемарыяльны запаведнік Вязынка
Індывідуальныя і карпаратыўныя экскурсіі - Купалаўскі мемарыяльны запаведнік Вязынка
-
Зямлёй Купалы (Вязынка)
- Даты па запыце
- Працягласць: 08:00 г.
- паслугі атэставанага экскурсавода
- транспартныя паслугі
Графік працы Купалаўскі мемарыяльны запаведнік Вязынка
- Адміністрацыя 10:00 - 17:00 выхадныя панядзелак
- Каса 10:00 - 17:00 выхадныя панядзелак
- Экспазіцыі 10:00 - 17:00 выхадныя панядзелак