Абрад «Калядныя цары»

Студзень8Люты7Сакавiк10Красавiк1Май3Чэрвень6Ліпень5Жнiвень2Вераснь2Кастрычнiк2Снежнь2
Абрад «Калядныя цары»

Абрад «Калядныя цары»

Капыль , Народнае свята 13 Студзеня 2013

C 13 на 14 студзеня у вёсцы Семяжова Капыльскага раёна пройдзе абрад «Калядныя цары» .

Гэта ўнікальны абрад, які аб'яднаў карнавал і народную драму. Удзельнікі абраду, пастроеныя па росту, як таго патрабуе традыцыя, ідуць па вясковай вуліцы і гучна б'юць у бубны, каб жыхары падрыхтаваліся да іх візіту. Нарадзіўся абрад у канцы XVIII стагоддзя, калі ў гэтых месцах стаялі часткі расійскай арміі. Салдаты хадзілі па дамах і ладзілі прадстаўленні, каб мясцовыя жыхары іх чым-небудзь пачаставалі. Семяжоўцы традыцыю перанялі, дадалі ў яе беларускі каларыт і перадавалі з пакалення ў пакаленне. Калядоўшчыкі апраналіся ў самаробныя касцюмы, якія нагадваюць ваенную форму розных гадоў, а так як выглядала ўсё гэта вельмі пафасна, удзельнікаў празвалі «Калядныя цары».

Сёння ў адроджаным абрадзе прымаюць удзел маладыя мужчыны і юнакі, апранутыя ў спецыяльныя касцюмы: белыя штаны і кашулі, на грудзях крыж-накрыж павязаныя чырвоныя семяжоўскія паясы з геаметрычным арнаментам, на галаве - высокія шапкі з рознакаляровымі папяровымі стужкамі. Працэсія «цароў» на Шчодры вечар наведвае хаты сялян і разыгрывае драму «Цар Максіміліян». У калядных паходах прымаюць удзел і мясцовыя героі - «дзед» і «баба». Пасля прадстаўлення адбываецца традыцыйнае віншаванне гаспадароў дома і адорванне удзельнікаў абраду. З надыходам цемры «цары» запальваюць факелы, што надае незвычайную відовішчнасць.

Праводзіцца абрад штогод на Шчодры вечар (з 13 па 14 студзеня). Належыць да тыпу каляднай абраднасці беларусаў, мае ярка выяўленую лакальную асаблівасць і сустракаецца толькі ў вёсцы Семяжова. У 2009 г. эксперты ЮНЕСКА ўключылі абрад у Спіс Сусветнай спадчыны, якой патрабуецца тэрміновая ахова. Таксама абрад «Калядныя цары» з'яўляецца нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю і ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.