ekskursii.by

Экскурсіі па Беларусі - Беларускі экскурсійны партал

Праверыць заяўку

Літаратурны музей Кузьмы Чорнага

Замовіць экскурсію
Тып: Літаратурны Размяшчэнне: Мiнская вобласць

Літаратурны музей Кузьмы Чорнага пабудаваны ў 1962 годзе. "...Родныя мае мясціны. Як мая душа рвецца туды! Яна заўсёды там. Там жывуць усе мае персанажы. Усе дарогі, пейзажы, дрэвы, хаты, чалавечыя натуры, пра якія я калі-небудзь пісаў. Гэта ўсё адтуль, сапраўднае..." – пісаў Кузьма Чорны пра Цімкавічы. Ён лічыў іх сваёй другой радзімай. А вось нарадзіўся Мікалай Раманоўскі ў маёнтку Борні Слуцкага павета, куды яго бацькі паехалі з Цімкавіч парабкаваць да пана Эдварда Вайніловіча. Цімкавічы з’яўляюцца адным са старажытнейшых населеных пунктаў Капыльскага раёна, якія знаходзяцца ў 25 кіламетрах ад Нясвіжа, і маюць багацейшую гісторыю. Паводле прыгожай легенды назва Цімкавічы паходзіць ад слова Цімка – славутага асілка, які некалі жыў тут, дапамагаў бедным і слабым. Упершыню Цімкавічы ўпамінаюцца ў 1499 годзе ў судовай грамаце, выдадзенай вялікім князем Александрам князю Сямёну Міхайлавічу Алелькавічу. У розныя гады ўладальнікамі Цімкавіч былі Хадкевічы, Сапегі, Палубінскія, Радзівілы. У Цімкавічах прайшло дзяцінства і юнацтва будучага пісьменніка. Тут ён скончыў двухкласнае вучылішча, працаваў у аддзеле народнай асветы і настаўнічаў. Кузьма Чорны рос і гадаваўся сярод простых людзей фізічнай працы, для якіх кавалак хлеба і палатняная кашуля адна на год лічыліся вялікім шчасцем. З гэтымі людзьмі ён быў звязаны ўсім сваім жыццём і творчасцю. Пагэтаму беларускі народ помніць яго і ўшаноўвае аб ім памяць. Аб гэтым сведчыць музей, пабудаваны ў 1962 годзе настаўнікамі і вучнямі Цімкавіцкай сярэдняй школы, пад кіраўніцтвам былога дырэктара школы, заслужанай настаўніцы школ БССР З.І.Раманенка. Спачатку быў ён школьным, а ў 1993 годзе яму нададзены статус дзяржаўнага і створана новая экспазіцыя. Яна размешчана ў пяці залах і ўсебакова раскрывае творчую асобу Кузьмы Чорнага – празаіка, публіцыста, драматурга, памфлетыста. Канвой мастацкага афармлення залаў сталі малюнкі самога пісьменніка, якія арганічна спалучаюцца з дакументальнай часткай экспазіцыі і дапамагаюць эмацыянальна раскрыць свет перажыванняў аўтара. У залах музея можна ўбачыць асабістыя рэчы Кузьмы Чорнага, фотаздымкі з сямейнага альбома, яго рукапісы і кнігі на розных мовах свету, прачытаць радкі з дзённіка, а таксама пачуць яго голас, зафіксаваны на магнітнай стужцы. У Цімкавічах шмат мясцін звязана з жыццём пісьменніка. На капыльскай вуліцы знаходзіцца студня, з якой Раманоўскія бралі воду. І зараз з яе можна напіцца смачнай чыстай вады. У цяністым радзівілаўскім парку прыгожы спуск прывядзе Вас да ракі Мажы, дзе Мікалай Раманоўскі разам з Міколам Хведаровічам адвязвалі човен і плылі ў зараслі рачулкі лавіць рыбу. Прыгожы Скіп’еўскі лес, дзе ў дзяцінстве дзед расказваў і паказваў Колю як хвоі гамоняць, як паўзе жучок, як травінка да травінкі хіліцца. Тут знаходзіцца падмурак царквы, куды ў дзяцінстве разам з маці хадзіў Коля спяваць у царкоўны хор. Захавалася крынічка ў Бушылаве – любімае месца адпачынку Кузьмы Чорнага. Музей з’яўляецца культурна-асветніцкім цэнтрам. Тут праводзяцца музейна-педагагічныя заняткі ў рамках праграмы "Ганарыся сваім земляком і ведай пра яго", "Наша спадчына", "Музей і дзеці", сустрэчы з пісьменнікамі, акцыі з работнікамі МНС, ДАІ, чыгункі, настаяцелем царквы Мікалая Чудатворца, вечарыны, выставы беларускіх пісьменнікаў, музейныя святы. Для папулярызацыі твораў Кузьмы Чорнага для дарослых і вучняў старэйшых класаў з 1997 года пры музеі працуе студыя аматараў тэатра "Іскрынка". Яе ўдзельнікамі пастаўлены інсцэніраваныя апавяданні Кузьмы Чорнага "Маё дзела цялячае", "Родныя мясціны", артыкул "У роднай глушы", п’еса "Базылевічава сям’я", аповесць "Насцечка". Для выхаванцаў дзіцячага сада, малодшых і сярэдніх класаў працуе з 2003 года тэатр фланелеграфіі "Скарбонка прыгажосці". Наведвальнікі музея пасля экскурсіі могуць па жаданню паглядзець адну з гэтых пастановак у відэазапісе.

Фота - Літаратурны музей Кузьмы Чорнага

    Графік працы Літаратурны музей Кузьмы Чорнага

    Размяшчэнне на карце - Літаратурны музей Кузьмы Чорнага

    Адрас 222310, Рэспубліка Беларусь, Мінская вобл., Капыльскі р-н, в. Цімкавічы GPS Google: 53.072750′ N, 53.072750′ E