Пастанова Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 10 жніўня 1995 г. №440

Пастанова Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 10 жніўня 1995 г. №440 «Аб стварэнні Нацыянальнага парку «Браслаўскія азёры» і аб некаторых іншых пытаннях дзейнасці гэтага парку»

Па стане на 16 студзеня 2007 года
Кабінет Міністраў Рэспублікі Беларусь
ПАСТАНОВА
10 жніўня 1995 г. № 440
г. Мінск

АБ СТВАРЭННІ НАЦЫЯНАЛЬНАГА ПАРКУ «БРАСЛАЎСКІЯ АЗЁРЫ» І АБ НЕКАТОРЫХ ІНШЫХ ПЫТАННЯХ ДЗЕЙНАСЦІ ГЭТАГА ПАРКУ

У мэтах захавання ўнікальных экалагічных сістэм, эфектыўнага і больш поўнага выкарыстання рэкрэацыйных магчымасцей прыродных рэсурсаў Браслаўскага раёна і ў адпаведнасці са Схемай рацыянальнага размяшчэння асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторый Рэспублікі Беларусь Кабінет Міністраў Рэспублікі Беларусь ПАСТАНАЎЛЯЕ:

  1. Прыняць прапанову Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Віцебскага аблвыканкама і Упраўлення справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб стварэнні з 1 верасня 1995 г. на тэрыторыі Браслаўскага раёна Нацыянальнага парку «Браслаўскія азёры» з перадачай яго ў падпарадкаванне Упраўлення справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
  2. Зацвердзіць прыкладзенае Палажэнне аб Нацыянальным парку «Браслаўскія азёры».
  3. Міністэрству прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя сумесна з Упраўленнем справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і Віцебскім аблвыканкамам у месячны тэрмін унесці ва ўстаноўленым парадку праект заканадаўчага акта аб зацвярджэнні межаў Нацыянальнага парку «Браслаўскія азёры».
  4. Прыняць да ведама, што Упраўленне справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 1995–1996 гадах забяспечыць сумесна з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і Віцебскім аблвыканкамам распрацоўку тэхнічнага праекта функцыянавання Нацыянальнага парку «Браслаўскія азёры» і зацвердзіць яго ва ўстаноўленым парадку.
  5. Устанавіць, што да перадачы зямельных участкаў землекарыстальнікамі, землеўладальнікамі і ўласнікамі зямель Нацыянальнаму парку «Браслаўскія азёры» яны абавязаны выконваць на гэтых землях рэжым гаспадарчай дзейнасці і правілы аховы прыродных рэсурсаў у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, палажэннямі і статутамі адпаведных прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый.

Прэм’ер-міністр
Рэспублікі Беларусь М.Чыгір
ЗАЦВЕРДЖАНА
пастановай Кабінета Міністраў
Рэспублікі Беларусь
ад 10 жніўня 1995 г. № 440

ПАЛАЖЭННЕ

аб Нацыянальным парку «Браслаўскія азёры»

  1. Нацыянальны парк «Браслаўскія азёры» (далей — Нацыянальны парк) з’яўляецца комплекснай прыродаахоўна-гаспадарчай і навукова-даследчай установай, задачамі якой з’яўляюцца:
    • захаванне прыроднага комплексу Браслаўскай групы азёр як гістарычна сфармаванага ландшафту і генафонду расліннасці і жывёльнага свету, тыповага для Беларускага Паазер’я;
    • арганізацыя экалагічнага асветніцтва і выхавання насельніцтва;
    • правядзенне навуковых даследаванняў, звязаных з распрацоўкай і ўкараненнем навуковых метадаў захавання біялагічнай разнастайнасці, прыродных і гістарычна-культурных комплексаў і аб’ектаў ва ўмовах рэкрэацыйнага і гаспадарчага выкарыстання, ацэнка экалагічнай абстаноўкі ў рэгіёне;
    • распрацоўка і ўкараненне навуковых метадаў аховы прыроды і прыродакарыстання;
    • захаванне культурнай спадчыны (аб’екты этнаграфіі, археалогіі, гісторыі, палеанталогіі і інш.);
    • арганізацыя рэкрэацыйнай дзейнасці;
    • вядзенне комплекснай гаспадаркі на аснове традыцыйных метадаў і перадавых дасягненняў прыродакарыстання.
  2. Нацыянальны парк у сваёй дзейнасці кіруецца заканадаўствам Рэспублікі Беларусь і дадзеным Палажэннем.
  3. Нацыянальны парк з’яўляецца юрыдычнай асобай, мае свае рахункі ў банках, самастойны баланс, пячатку з выявай Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь і са сваёй назвай.
  4. На тэрыторыі Нацыянальнага парку ў залежнасці ад ступені захаванасці ў натуральным стане прыродных тэрытарыяльных комплексаў, іх аздараўленчай, навуковай, рэкрэацыйнай, гістарычна-культурнай, эстэтычнай каштоўнасці і пастаўленых перад паркам задач выдзяляюцца наступныя функцыянальныя зоны:
    1. запаведная зона, прызначаная для захавання генафонду расліннага і жывёльнага свету, стварэння ўмоў для натуральнага развіцця біягецеацэнаў і іх комплекснага вывучэння. У гэтай зоне забараняюцца ўсе віды гаспадарчай і іншай дзейнасці, акрамя ажыццяўлення навуковых даследаванняў і аховы прыродных комплексаў. Навуковыя работы праводзяцца толькі па плане навуковых даследаванняў Нацыянальнага парку;
    2. зона рэгуляванага выкарыстання, якая з’яўляецца аб’ектам для вывучэння аднаўлення, дынамікі развіцця і ўстойлівасці экалагічных сістэм, не парушаных гаспадарчай дзейнасцю чалавека, эфектыўнага ажыццяўлення навукова абгрунтаваных прыродаахоўных мерапрыемстваў, што дазваляюць стварыць аптымальныя ўмовы для захавання і эвалюцыйнага развіцця генафонду раслін і жывёл. У гэтай зоне дазваляюцца:
      • правядзенне навуковых даследаванняў і іншых мерапрыемстваў, неабходных для захавання ўсёй біёты парку;
      • пажаратушэнне (ўборка валежніку, буралому, сухастою), стварэнне проціпажарных палос, мінералізацыя прасек, будаўніцтва і рамонт дарог пажарнага і турыстычнага прызначэння;
      • змаганне з шкоднікамі і хваробамі лесу пры іх масавым распаўсюджанні;
      • уходныя і выбарачныя санітарныя высечкі лесу;
      • аматарскае і спартыўнае рыбалоўства;
      • паляванне і прамысловая лоўля рыбы ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку і са згоды Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя;
      • ажыццяўленне ветэрынарна-санітарных, лячэбна-прафілактычных і біятэхнічных мерапрыемстваў у мэтах захавання генафонду і папярэджання захворванняў дзікіх жывёл;
      • падкормка капытных жывёл (у экстрымальных умовах);
      • сенакос, збор ягад і грыбоў, выпас жывёлы і іншыя віды выкарыстання на спецыяльна вызначаных участках, неабходныя для задавальнення патрэб грамадзян, што пражываюць на тэрыторыі парку.
    3. рэкрэацыйная зона, прызначаная для размяшчэння аб’ектаў і збудаванняў, неабходных для адпачынку насельніцтва, правядзення культурна-масавых і аздараўленчых мерапрыемстваў, а таксама для арганізацыі стаянак транспарту, усталёўкі намётаў і распальвання вогнішчаў у спецыяльна адведзеных месцах (месцы размяшчэння рэкрэацыйных аб’ектаў і турыстычныя маршруты прадугледжваюцца ў тэхнічным праекце функцыянавання Нацыянальнага парку). Гаспадарчая дзейнасць у гэтай зоне не павінна аказваць негатыўнага ўздзеяння на ландшафты, водныя аб’екты, раслінны і жывёльны свет. У гэтай зоне дапускаюцца работы, дазволеныя ў зоне рэгуляванага выкарыстання, а таксама работы па доглядзе за лесам: абразанне сучкоў, догляд за падрастаючымі раслінамі, прарэджванне і выдаленне падлеску, догляд уздоўж узлескаў, ландшафтна-фарміруючыя, перафарміруючыя і абнаўленчыя высечкі;
    4. гаспадарчая зона, прызначаная для размяшчэння аб’ектаў, звязаных з абслугоўваннем наведвальнікаў парку, і аб’ектаў адміністрацыйнага, рэкрэацыйнага і гаспадарчага прызначэння, жылых памяшканняў, для вядзення гаспадарчай і іншай дзейнасці, якая не супярэчыць задачам Нацыянальнага парку, з выкарыстаннем прыродаахоўных тэхналогій і традыцыйных метадаў.
  5. Плошчы зон Нацыянальнага парку і іх тэрытарыяльнае размяшчэнне ўстанаўліваюцца Кабінетам Міністраў Рэспублікі Беларусь на падставе дадзеных тэхнічнага праекта функцыянавання Нацыянальнага парку.
  6. Ахова прыродных комплексаў і аб’ектаў, размешчаных у межах Нацыянальнага парку, ажыццяўляецца землеўладальнікамі, землекарыстальнікамі і ўласнікамі зямельных участкаў, на землях якіх знаходзяцца гэтыя комплексы і аб’екты.
  7. На тэрыторыі, якая прымыкае да Нацыянальнага парку, рашэннем Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь выдзяляецца ахоўная зона са спецыяльным рэжымам прыродакарыстання, які рэгулюецца дадзеным Палажэннем і прызначаны для змяншэння негатыўнага ўздзеяння гаспадарчага выкарыстання прылеглых тэрыторый на прыродныя комплексы Нацыянальнага парку. Зямлі гэтай зоны застаюцца ва ўласнасці, карыстанні і валоданні папярэдніх землеўладальнікаў, землекарыстальнікаў і ўласнікаў зямельных участкаў.
    На тэрыторыі ахоўнай зоны забараняюцца:
    • акліматызацыя відаў і падвідаў лясных раслін і дзікіх жывёл, не ўласцівых мясцовай флоры і фаўне;
    • забор вады для гаспадарчых мэт у аб’ёмах, што змяняюць гідралагічны рэжым вадаёмаў, скід у іх сцёкавых вод і адходаў;
    • расчыстка воднай і прыбярэжнай расліннасці ў воднаахоўных зонах рэк і вадаёмаў, за выключэннем дзеючых меліярацыйных сетак;
    • гаспадарчая дзейнасць, якая можа аказаць адмоўны ўплыў на прыродныя комплексы Нацыянальнага парку.
  8. Нацыянальны парк ажыццяўляе кантроль за выкананнем землеўладальнікамі, землекарыстальнікамі і ўласнікамі зямельных участкаў заканадаўства ў галіне аховы навакольнага асяроддзя і прыродаахоўнага рэжыму, устаноўленага дадзеным Палажэннем, на землях Нацыянальнага парку, а таксама на землях ахоўнай зоны.
  9. Навуковыя даследаванні ў Нацыянальным парку арганізуюцца і праводзяцца навуковым аддзелам.
    Да навуковых даследаванняў і навукова-метадычнай працы, што праводзяцца ў Нацыянальным парку, могуць прыцягвацца вучоныя і спецыялісты з іншых устаноў і арганізацый на падставе дагавораў.
  10. Кіраўніцтва навукова-метадычнай працай у Нацыянальным парку ажыццяўляецца Акадэміяй навук Беларусі і вучоным саветам гэтага парку.
    Склад вучонага савета, яго старшыня, а таксама Палажэнне пра гэты савет зацвярджаюцца органам, у падпарадкаванні якога знаходзіцца Нацыянальны парк, па ўзгадненні з Акадэміяй навук Беларусі. Вучоны савет з’яўляецца кансультацыйным органам пры дырэктары Нацыянальнага парку.
    У склад вучонага савета ўваходзяць вядучыя навуковыя супрацоўнікі і спецыялісты Нацыянальнага парку, а таксама вядучыя вучоныя і спецыялісты ў галіне аховы навакольнага асяроддзя, лесаводства, прадстаўнікі грамадскіх экалагічных арганізацый і мясцовых органаў кіравання.
    На пасяджэннях вучонага савета разглядаюцца і зацвярджаюцца дырэктарам Нацыянальнага парку планы лесагаспадарчых, супрацьпажарных, санітарных, рэкрэацыйных, біятэхнічных і іншых мерапрыемстваў, распрацаваныя з улікам навуковых рэкамендацый, тэхнічнага праекта функцыянавання Нацыянальнага парку, а таксама іншыя пытанні, што тычацца дзейнасці парку.
  11. Дзейнасць Нацыянальнага парку фінансуецца за кошт сродкаў дзяржаўнага бюджэту, пазабюджэтных фондаў аховы прыроды, а таксама сродкаў, атрыманых ад навуковай, прыродаахоўнай, гаспадарчай і іншай дзейнасці, якая не супярэчыць задачам Нацыянальнага парку, і добраахвотных узносаў.
  12. Працоўнікі, якія ажыццяўляюць ахову Нацыянальнага парку, карыстаюцца ўсімі правамі і льготамі, прадугледжанымі для работнікаў дзяржаўнай лясной аховы.
  13. Нацыянальны парк узначальвае дырэктар, які ажыццяўляе кіраўніцтва паркам на падставе дзеючага заканадаўства і дадзенага Палажэння.
    Дырэктар Нацыянальнага парку назначаецца і вызваляецца ад пасады ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам.
    Структура і штат Нацыянальнага парку зацвярджаюцца дырэктарам гэтага парку ў межах колькасці і фонду аплаты працы, што ўстанаўліваюцца органам, у падпарадкаванні якога знаходзіцца парк.
  14. Нацыянальны парк прад’яўляе юрыдычным і фізічным асобам іскі аб кампенсацыі імі шкоды, нанесенай парушэннем устаноўленага дадзеным Палажэннем рэжыму прыродакарыстання.
  15. Шкода, нанесеная Нацыянальнаму парку ў выніку парушэння заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторыях і аб’ектах, кампенсуецца юрыдычнымі і фізічнымі асобамі ў поўным аб’ёме.
  16. Страты, нанесеныя землеўладальнікам, землекарыстальнікам і ўласнікам зямельных участкаў пры абмежаванні іх гаспадарчай дзейнасці або пры канфіскацыі ў іх зямель у сувязі са стварэннем Нацыянальнага парку, кампенсуюцца ў адпаведнасці з заканадаўствам.
  17. Асобы, вінаватыя ў парушэнні патрабаванняў дадзенага Палажэння, а таксама заканадаўства ў галіне аховы навакольнага асяроддзя, нясуць адміністрацыйную або крымінальную адказнасць у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.