Навіны : Экскурсія ў Полацк
Экскурсія ў Полацк
29-Мая-2017Падчас экскурсіі па Полацку Вы наведаеце Верхні замак - месца, дзе ў X стагоддзі, у асяроддзі рэк і глыбокіх рвоў, паўстаў непрыступны па тых часах, полацкі дзяцінец - адміністрацыйны цэнтр старажытнага горада. Убачыце Сафійскі сабор - кафедральны сабор Полацка, збудаваны візантыйскімі дойлідамі ў XI-XII стст., як сімвал роўнасці Полацка з Канстанцінопалем і суперніцтва з Кіевам і Ноўгарадам, агледзіце музей сабора і спусціцеся ў падзямелле. Побач з саборам Вы ўбачыце унікальны помнік пісьменства XII ст. - Барысаў камень, з таямнічым надпісам, значэнне якога да гэтага часу не змаглі расшыфраваць навукоўцы.
Таксама падчас экскурсіі Вы наведаеце перліну Полацка - комплекс Спаса-Еўфрасіньеўскага жаночага манастыра, заснаванага заступніцай беларускіх зямель - Святой Еўфрасіняй Полацкай. Акрамя таго Вы наведаеце Спаса-Еўфрасіннеўскую царкву, дзе захаваліся унікальныя фрэскі XII стагоддзя і зможаце прыкласціся да мошчаў прападобнай Еўфрасінні і пакланіцца Святому Крыжу - адной з галоўных рэліквій Беларусі.