- Галоўная
- →
- Навіны
Фестываль сярэднявечнай культуры ”Рубон-2010” у горадзе Полацк
Фестываль сярэднявечнай культуры ”Рубон-2010” у горадзе Полацк
Полацк , Рыцарскі турнір
15 Мая 2010
З 15 па 16 мая 2010 у Полацку адбудзецца фестываль сярэднявечнай культуры "Рубон", прымеркаваны да 1148-годдзя горада Полацка. "Рубон" - гэта старажытная назва Заходняй Дзвіны, а таксама баявы кліч полацкіх воінаў. Месцам для правядзення фестывалю выбрана пляцоўка перад Сафійскім саборам. У рамках фестывалю пройдуць як традыцыйныя рыцарскія турніры для цяжка ўзброеных латнікаў, так і "Ратнае кола" для лёгка ўзброеных ваяроў. Госці змогуць убачыць і найбольш цікавыя масавыя бітвы - бугурты. Будуць арганізаваны таксама спаборніцтвы лучнікаў і коннікаў. Акрамя таго гледачы змогуць пабачыць штурм замка.
Госці змогуць паспрабаваць свае сілы ў славянскіх ігрышчах - стральбе з лука, кіданні суліцы (старажытнага кап'я), скокамі ў сабатонах (вялікіх жалезных ботах). Будзе арганізаваны святочны гандаль, чакаецца прыезд шматлікіх рамеснікаў - ювеліраў, кавалёў, ганчароў, ткачоў, кажэўнікаў. Акрамя таго гасцей чакае конкурс вулічных тэатраў і выступленне вядомых гуртоў сярэднявечнай і архаічнай музыкі.
Закрыецца фестываль выступленнем легендарнай групы сярэднявечнай музыкі "Стары Ольса" !