- Галоўная
- →
- Навіны
Фестываль сярэднявечнай культуры «Рубон-2014»
Фестываль сярэднявечнай культуры «Рубон-2014»
23-25 мая 2014 г. у Полацку адбудзецца Фестываль сярэднявечнай культуры «Рубон-2014».
Назва фестывалю паходзіць ад старажытнага баявога поклічу воінаў полацкай зямлі, з якім яны ішлі ў атаку.
Фэст праводзіцца з 2008 г. Упершыню ён адбыўся насупраць Верхняга Замка і быў прымеркаваны да святкавання 1146-годдзя Полацка. У свяце прынялі ўдзел больш за 20 клубаў гістарычнай рэканструкцыі Беларусі, а таксама калектывы, якiя выконваюць фолк-музыку эпохі Сярэднявечча. За гады існавання Фэст зарэкамендаваў сябе як адну з візітных картак горада над Дзвіной, а колькасць удзельнікаў павялічылася - да беларускіх рэканструктараў далучыліся клубы з іншых дзяржаў (Расіі, Украіны, Чэхіі, Польшчы, Літвы, Латвіі).
У 2014 г. сярэднявечны горад размесціцца ля сцен старажытнай Сафіі. Сёлетні фестываль будзе мець шырокамаштабны характар. Канцэпцыя мерапрыемства вызначаная 3 складнікамі - сярэднявечная самабытная культура, нацыянальнае культурная спадчына, багацце музейных экспазіцый.
У праграме мерапрыемства турніры рыцараў, латнікаў і лучнікаў па правілах ранняга і развітога сярэднявечча, старадаўнія гульні з гледачамі. Нікога не пакінуць абыякавымі захапляльныя відовішчы рыцарскіх бугуртаў - камандныя баі перыядаў XIII-XVI і IX-XII стст. Сваё майстэрства прадставяць рамеснікі - кавалі, ганчары, збройнікі, ткачы, ювеліры, вырабы якіх можна набыць на кірмашы. Жадаючыя змогуць прыняць удзел у майстар-класах па традыцыйных сярэднявечных рамёствах, паспрабаваць стравы сярэднявечнай кухні, паслухаць непаўторную сярэднявечную музыку, пакатацца на конях.