- Галоўная
- →
- Навіны
Пяты фестываль сярэднявечнай культуры «Гальшанскі замак-2014»
Пяты фестываль сярэднявечнай культуры «Гальшанскі замак-2014»
24 мая 2014 года ў Гальшанах ужо ў пяты раз пройдзе фестываль сярэднявечнай культуры «Гальшанскі замак-2014», які традыцыйна збярэ аматараў аўтэнтычнай музыкі, народных рамёстваў, рыцарскіх турніраў і вогненнага шоў.
Каля сцен замка магнацкага роду Сапегаў у Гальшанах разгорнецца рыцарскі лагер. Госці свята змогуць убачыць відовішчныя і захапляльныя «рыцарскія забавы сапраўдных мужчын» - конны і пешы рыцарскія турніры, бугурты, турніры лучнікаў. Сярод удзельнікаў - конна-гістарычны клуб «Залатая Шпора» (Мінская вобласць), народны клуб славянскіх адзінаборстваў «Арыдан» (г. Гродна), Мінскі стралковы клуб лучнікаў «BOW'S CLUB». Экстрымтэатр «Берсерк» арганізуе перацягванне ліны на «хітрых» пнях, кіданне нажоў і сякер, гульню «Сэрсо», а таксама Тараканавыя бяговішчы! Для жадаючых самім прыняць удзел у сярэднявечных забавах будуць праводзіцца разнастайныя майстар-класы: па фехтаванні, хадні на старадаўніх хадулях, вырабе кованых вырабаў, сярэднявечных танцах і іншыя.
Сярэднявечную атмасферу свята дапоўніць выступ музычных калектываў, якія прадставяць жывое гучанне старадаўніх мелодый, выкананых на нацыянальных інструментах - фолк-электронны гурт «PAWA», фальклорныя ансамблі «Гуда» і «Баламуты». Хэдлайнерам канцэрта стане знакаміты гурт «Стары Ольса».
Асаблівасцю юбілейнага фестывалю будзе прадстаўленне скарочанай версіі беларускага мюзікла «Соф'я Гальшанская» вядомага беларускага кампазітара Уладзіміра Кандрусевіча, прэм'ера якога адбылася восенню 2013 года на сцэне Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра.
Акрамя мерапрыемстваў самога фестывалю ў гасцей свята будзе выдатная магчымасць пазнаёміцца з багатым гістарычным мінулым Гальшан, яго таямніцамі і прывідамі.
Месца правядзення: Гродзенская вобл., Ашмянскі р-н, в. Гальшаны
Час правядзення: 24 мая 2014